Дзяржаўная лесагаспадарчая установа «Ваўкавыскі лясгас»

Ваўкавыскі лясгас арганізаваны ў 1939 годзе на базе казённых лясоў Польшчы, а таксама лясных участкаў, якія належаць асобным землеўладальнікам, манастырам, банкам і інш. агульнай плошчай 58919 га і ўваходзіў у Беластоцкае тэрытарыяльнае ўпраўленне лясной аховы і лесанасаджэнняў.

У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі значная частка дакументальных матэрыялаў была знішчана, лясы драпежніцка нішчаліся. Пасля вызвалення ў 1944 годзе Ваўкавыскі лясгас аднавіў сваю дзейнасць. Першае пасляваеннае лесаўпарадкаванне лясоў лясгаса праведзена ў 1952 годзе.

Ваўкавыскі лясгас размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Гродзенскай вобласці на тэрыторыі Ваўкавыскага, Свіслацкага, Бераставіцкага, Мастоўскага і Зэльвенскага адміністрацыйных раёнаў. Па лесараслінным раянаванні лесу Ваўкавыскі лясгас адносіцца да падзоны ялова-грабавых дуброў Нёманска-Падлескага лесарасліннага раёна.